Зялёныя вочы, Прынцы і Цмокі

Зялёная таямніца яе вачэй цяпер мроіцца нават на яве. Не магу абысціся без таго, каб яшчэ і яшчэ раз не патанаць у цудоўных, д’ябальскі цудоўных вачах майго маленькага анёла.

Зялёныя вочы, Прынцы і Цмокі

Так, гэтае стварэнне, якое чалавечай мовай завецца проста і дужа банальна – ДЗЯЎЧЫНКА, зачаравала без зелляў і вядзьмарчыных нашэптванняў. Адным імгненным позіркам, адным плаўным рухам сваёй неверагодна прывабнай постаці.

Як разгадаць таямніцу? Як выратавацца з ланцугоў незямной абаяльнасці? Як пазбавіцца пякельнага жадання наблізіцца, датыкнуцца, палашчыць яе? Урэшце, не дапускаю і думкі пра тое, каб пакрыўдзіць – вядома ж, што д’ябал не крыўдзіцца, затое як жудасна помсціць. Ды не можа яна помсціць... Не можа, паколькі вытанчаныя, шляхетныя амаль боскія рухі кажуць пра адваротнае. Паколькі, гэтыя вусны...гэтыя шаўкавістыя доўгія, як зімовая ноч, валасы, гэтыя завабныя шчочкі... Ну не можа гэткае стварэнне, ніяк... Хіба што вочы...

“І зусім я не добрая. І вочы не добрыя” – ну хоць ты бяры і кідайся ў вакно! – такі чароўны галасок, такія тонкія, нібы з густам выразаная жалейка, што нараджае на свет дзівосна-райскія гукі музыкі... як яна пасмела супярэчыць відавочнаму факту: ПРЫРОДА стварыла яе добрай! Ці знарок, прыхоўваючы смелымі, рызыкоўнымі, амаль авантурнымі выклікамі сабе і свету дабрыню, яна пазбягае сама сябе? Каб потым не апраўдвацца, і не шукаць выйсця з тупіка ў непрыемных сітуацыях? Але “непрыемнасці” і яна, як той казаў, рэчы з іншых вымярэнняў. А можа яна, наадварот, абараняецца? Ад магчымых наступстваў уласнай дабрыні? Бо так ужо заведзена на гэтым свеце: часцяком дабро і міласэрнасць прыводзяць у дом гаспадара зло і боль...

Не, яна не баіцца болю. Яна цвёрдая, як мармур, і трывалая да выпрабаванняў, як стоік. Але яна перажывае, што ўсё тое, да чаго яна прывыкла, што стала звычайным і незаўважным, як глыток паветра, у жыцці, у адзін міг разбурыцца і на руінах “мінулага” паўстане невядомае новае, няхай і ў выглядзе казачных палацаў, аздобленых золатам і брыльянтамі...

А дзе яе Прынц?

принц на белом коне

...Прынц у гэты час застаўся пасля работы набіраць уласныя тэксты на старым, як мінулае стагоддзе, кампутары...

НЕ! Можа:

...у прыцемках марознага лютага ён, апрануты ў звышмодны дарагі плашч, да якога пасаваў сіні, з шырокімі барткамі, капялюш чакаў сваю абраніцу, трымаючы ў руках шыкоўны букет летніх кветак. Яна больш за ўсё любіла кветкі і лета. І ён ведаў пра гэта.

НЕ!

...Прынц, выруліўшы на шырокі, асветлены прашпект, імчаў з экстрэмальнай хуткасцю на новенькам “мэрсэдэсе”, не зважаючы на чырвонае святло светлафораў і крыкі абураных суграмадзянаў, якія, канечне ж, не маглі ведаць, што ягоны “конь” імчыць гаспадара да каханай...

.....

А ці ёсць ён увогуле? Хіба цмокі не пераелі, не пераспалілі ўсіх прынцаў на свеце? Так, я ведаю, цяпер ува мне абудзілася рэўнасць. Магчыма, і да сябе самаго. Магчыма, да тых, хто мае магчымасць у гэтыя секунды бачыць яе... Магчыма, рэўнасць не вартая таго, каб быць, уласна кажучы, у гэтай сітуацыі рэўнасцю, але тым не менш... зялёныя вочы мяне з’елі. Як колькі гадзін таму яна, знарок усміхаючыся, так прыгожа, эстэтычна, з’ела цукерку... Лухта! Яна яе смакавала, прыгожа і “эстэтычна” трымаючы у другой руцэ кубачак гарбаты... А за вакном церушыў сняжок. А за вакном былі людзі. Якія нават не здагадваліся пра яе існаванне. І мне было шкада іх – як можна не ведаць пра існаванне такога цуда! А цяпер прыкра і горка, што не я яе бачу, не я з ёё размаўляю...

Прынц раптам сустрэў другога прынца. Неўзабаве невялічкі дворык у цэнтры горада павінен быў стаць сведам смяротнага двубою. Ён і Ён. А паміж імі – жанчына.

– Усе беды з-за жанчын, – прамовіў першы прынц.

– Так, – адгукнуўся другі, – але супраць прыроды не папрэш. Давядзецца біцца.

– Нездарма ж добрыя людзі кажуць, што светам кіруюць дурніцы-жанчыны, - настойваў на сваім першы. Відаць, падсвядома адчуў, што ў двубоі ён прайграе, і “уключыў баязліўца”.

– Калі ты прынц, – адгукнуўся другі, – давай дужацца. Прпаную амрэслінг.

– Так не сумленна, паглядзі на свае рукі – у цябе кулак, як коўш эскаватара, аб які я сёння разбіў машыну...

– А як тады мы будзьма змагацца за ЯЕ?

....

Так, як я буду заваёўваць яе? Брыдкае, агіднае, як скура жабяняткі, слова “заваёўваць” мне ніколі не падабалася. Ды не скажаш, “мець прыхільнасць”, ці “выклікаць любоўны давер?” Брр... Можна ж проста аднойчы наважыцца і сказаць:

– М..., ты мне падабаешся!

– І што яна адказала? – пацікавіўся другі прынц, перакуліўшы шосты куфаль піва ў зубастую пячору.

– А давай, сябра, медавухі паспытаем, – весела адгукнуўся першы прынц і, даліўшы ў свой куфаль грамаў сто вогненнай вадкасці, выпіў хутка, нават не папярхнуўся. І ў той жа моман паляцеў на “сваю планетку”, адкуль яго аднойчы на свет боскі выцягнуў адзін французскі пісьменнік-лётчык. Другі прынц так і не даведаўся, што ЯНА адказала. Але справядліва вырашыў, што ў “гарэлачным” двубоі ён перамог, няхай і пры дапамозе клафеліну, і мае ўсе правы на валоданне ЁЮ. Калі другі прынц выйшаў з рэстарацыі, да яго падышлі тыя, хто звычайна дае прытулак усім п’яным прынцам за ўтульнымі кратамі. Так, Яна не даведалася НАОГУЛ ПРА ПРЫНЦА ЯК ТАКОГА!

Я ж казаў, іх паелі цмокі!

А зялёная таямніца яе вачэй яшчэ доўга мроілася ўсім нам: мне, прынцу, і яшэ аднаму прынцу. Толькі, на жаль, сэрцу – не загадаеш, і я проста вымушаны чакаць. У адзіноце. З кубачкам гарбаты, тым самым, з якога піла яна гарачы духмяны напой... Ён яшчэ захаваў водар яе цела, водар валасоў, і нават, падалося, усміхнуўся мне цікаўным, глыбокім, як бясконцасць, зялёным вокам...


обсудить на форуме
(Голосов: 8, Рейтинг: 3)
оцените статью