Неадшуканая

…Я ведаю, што ты недзе паблізу. Гукаю. Толькі маўчанне. Святкуе самота сваю перамогу. Адзінота мудра адказвае роспачнай цішынёй.

Неадшуканая

Але – што гэта? Паветра ледзь-ледзь ускалыхнецца, памарудзіць перад тым, як выбухнуць тысячамі светлякоў, тысячамі гукаў, разнастайнымі і няўлоўна-трывожнымі… Ускалыхнешся і ты, напружвачы да апошняга слых і зрок… але зноў цішыня… Дзе ж ты схавалася?

“У вясне, любы, у кожнай праяве ценю і святла, у траве і ў аблоках, у дрэвах – паўсюль… Ты шукай, любы, шукай…”

…Я думаю, што эгаізм – з’ява невычэрпна-вечная. І адразу дакараю сябе за падобнае глупства. Тады самота ізноў весяліцца, адзінота ледзь-ледзь усміхаецца, а надзея, як бездапаможны тапелец, прагна глытае апошні струменьчык паветра…

“Так, любая, ты ва ўсім, ды па-за мною… Мо таму, што я не здольны ўсё акалючае настолькі тонка адчуваць, як ты?

Праплыве аблачынка – не ты. Прашмыгне кузюрка – не ты. Засапе ўсхваляваны ветрык – і гэта не ты. Чмялі, птушкі, зверы – усё не ты. Дзе той я, які адшукае цябе? Які пацалуе, абдыме і захавае цябе назаўсёды? І сам застанецца, магчыма, у тваім свеце …

…Я ведаю, што ты недзе паблізу. Але не здольны цябе адчуць. Робіцца балюча і прыкра. Роспачна. Тужліва. Зноў роспачна.

“Я тут любы. Ты правы. Я там, дзе нічога няма…”

Разгубленасць. Апускаюся на зямлю. Ліхаманкава зрываю кветку, ірву пялёсткі. У кожным – цень мінулага: разарваны карэньчык гармоніі. Спрабую сабраць іх, але вецер падхоплівае пялёсткі…

“…Я там, дзе нічога няма…”

– Вецер, братка, нясі і мяне, раствары ў подыху сваім, далучы да таго свету, дзе ўсё ёсць і дзе нічога няма…

Але наўкола толькі маўчанне. Святкуе самота сваю перамогу. Адзінота мудра адказвае цішынёй – “ ты шукай, любы, шукай…”

обсудить на форуме
(Голосов: 6, Рейтинг: 3.66666666667)
оцените статью